HOT-INFO

213206 Чавусы, вул. Азарава, 46,
Беларусь

Аўтар: Super User
Праглядаў: 60

 

На працягу гісторыі нашага горада у ім было некалькі каталіцкіх святыняў.

Каталіцтва на Чавускай зямлі было звязана з законам кармелітаў.

Паводле даследванняў, кляштар кармелiтаў быў заснаваны Мiкалаем Казiмiрам Падбiпента ў 1653г. Усе пабудовы першапачаткова былi драўлянымi. У 1747г. быў узведзены мураваны будынак храма і комплекс жылых кляштарных пабудоў.

Храм быў пабудаваны ў стылі позняга барока i дамiнаваў над навакольлем. Ён меў тры ярусы і яго фасад упрыгожвалі дзве вежы. Жылыя пабудовы былі аднапавярховымі і асаблівых упрыгожванняў не мелі, прымыкалі да сцен храма, бліжэй да алтарнай часткі.

У выніку першага Падзелу Рэчы Паспалітай 1772 Чавусы апынуліся ў складзе Расейскай імперыі, дзе сталі цэнтрам павету Магілёўскай губерні. У 1778г. расейскія ўлады зацвердзілі план забудовы места і надалі яму новы герб. На 1803 год у Чавусах быў 461 будынак, дзейнічалі 4 царквы i касцёл пры кляштары кармелітаў. У 1803г. пры кармеліцкім кляштары ў Чавусах дзейнічала вучэльня, у якой навучалася 40 хлопчыкаў.

Пасля паўстання 1830 (у 1832 годзе) кляштар быу скасаваны, а касцёл зачынены. Некаторы час храм знаходзіўся ў запусценні. Пазней яго перадалі пад юрысдыкцыю праваслаўнай царквы і асвяцілі як Уваскрасенскі сабор. Менавіта у гэтыя часы і з'явіўся над яго дахам "купал на круглым барабане". Сабор узiмку не ацяпляўся. Па гэтай прычыне ў пачатку XX ст. побач з саборам збудавалі "цёплую" або "зімовую" царкву ў адзін ярус вышынi прасценькай архітэктуры.

Які лёс гэтага будынка? Пры савецкай уладзе ў 1930-я гады сабор быў перааснашчоны ў клуб. А ў часы Другой Сусветнай вайны абодва храмы былі зруйнаваныя.

Цяпер лiтаральна на месцы былога кармелiцкага касцёла размяшчаецца рэстаран.

 

Пасля загаду цара Мікалая II «О укреплении начал веротерпимости» ў 1905 годзе жыхары Чавусаў пабудавалі новы касцёл Дзевы Марыі Каралевы.

Новы касцёл быў пабудаваны ў 1913 годзе.

Касцёл быў размешчаны на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Чавускае аддзяленне Белаграпрамбанка. На той час касцёл выходзіў на «Конную» плошчу, якая зараз з’яўляецца тыльным бокам будынка раённага выканкама і будынка пошты. На плошчы таксама праводзіліся кірмашы.

Новы касцёл быў з цэглы і не меў вежаў. Быў пабудаваны ў стылі неаготыкі, меўся арган. Унутраная прастора храма была вырашана гранёнымі слупамі і перакінутай праз іх стрэльчатай аркадай. Падзяляўся на тры нефы, перакрытыя стрэльчатымі скляпеннямі. Трохгранную апсіду запаўняў барочны алтар у выглядзе двух калон, што мелі фігурны франтон. На левай сцяне прэзбітэрыя знаходзіўся кансольны амвон.

Пасля Другой сусветнай вайны, падчас хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі быў разабраны на цэглу ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў.

Ад вясны 1995 г. вернікі сталі збірацца на могілках, дзе кожную суботу здзяйснялася літургія. Шмат людзей прымала хрост, прыступала да першай св. Камуніі, прымала шлюб… Неўзабаве была афіцыйна зарэгістраваная парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі – Маці Касцёла.

Зімой вернікі збіраліся на літургію ў прыватным доме, а восенню 1996 г. першы пробашч кс. Караль Тамэцкі набыў дом, у якім людзі прыстасавалі часовую капліцу.

Летам 1997 г. у парафію быў прызначаны новы пробашч кс. Францішак  Рудзь. Тады было вырашана пабудаваць новы касцёл. Тэрыторыя пад будову была асвечаны 31 жніўня 1999 г. падчас першай ад 1910 г. біскупскай візітацыі парафіі.

Парафіяльная святыня была асвечана 1 чэрвеня 2002 г. Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Будынак цяперашняга касцёла — твор сучаснай авангарднай архітэктуры. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам, які над фасадам завершаны прамавугольнай сценкай-званічкай з люкарнай па цэнтры. Да алтарнай сцяны далучана паўкруглая апсіда пад канічным пакрыццём, крапаваная высокай і глыбокай аркатурай. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны ўзнятымі пад карніз даху стральчатымі аконнымі праёмамі, ліштвы якіх выступаюць і ствараюць гафрыраваны пояс уздоўж яго.

Паралельна побач з храмам пастаўлена аднапавярховая прамавугольная ў плане плябанія, злучаная з алтарнай часткай храма крылом-пераходам.

Катэгорыя: